 |
Ашціэмэль
Паплач па ім, пакуль ён жывы,
Любі яго такім, якім ён ёсьць.
Чайф
У пэрыядзе існаваньня любой эксклюзіўнай рэчы можна вылучыць тры
стадыі. Гэта як стадыі жыцьця чалавека або як стадыі дзённага цыклю,
няважна. Галоўнае тое, што гэта можа абагульніць таксама і на любую
ня толькі канкрэтную, але і абстрактную рэч.
Першая стадыя — нараджэньне і разьвіцьцё. Калі пра новую плынь
ведаюць толькі Адзінкі — аўтары і знаёмыя аўтараў. Магчыма,
яшчэ знаёмыя знаёмых аўтара. Але ня ўсе. Менавіта яны, зьяўляючыся
ў пэўнай ступені першаадкрывальнікамі, займаюцца прасоўваньнем
сьвежых ідэяў на масавы рынак.
Калі напрыканцы першай стадыі Рэч яшчэ не загнулася і працягвае
існаваньне, пачынаецца другая стадыя — тады, калі нешматлікія
карыстальнікі ведаюць, што Рэч сапраўды вартая. Ведаюць, як ёй
карыстацца, як злавіць кайф ад гэтага і ад таго, што ўмеюць ёй
карыстацца, але ўжо ў вачох Усіхастатніх, якія, зайздросна гледзячы
на першых, атаясамляюць іх з сучаснымі геніямі, наступным
пакаленьнем, людзьмі новай эры. Усеастатнія ведаюць і выдатна
ўсьведамляюць як гэта крута — карыстаць Рэч — і як
яны падымуцца ў вачох сваіх саплявых аднагодкаў, калі займеюць сабе
такую. Таму робяць усё магчымае, каб гэта ажыцьцявіць.
А пасьля надыходзіць трэцяя, ужо прадказальная стадыя: Усеастатнія
галопам лятуць на пошукі новай мэга-Рэчы і пры гэтым шчыра вераць,
што калі яны яе знойдуць, зробяцца жывымі багамі. Але да гэтага часу
Рэч ужо згубіла сваю практычную вартасьць у разуменьні Адзінак і
існуе для іх хіба што як забаўка. Калі Рэч трапляе ў трэцюю стадыю,
у ёй ужо няма ні кроплі эксклюзіву, якога прагнуць масавыя
карыстальнікі, няздольныя ўцяміць, што эксклюзіў і масавасьць —
несумяшчальныя паняткі. Эксклюзіў даўно сышоў, пакінуўшы толькі
псэўдаабалонку, якая ўсё працягвае прывабліваць ласых, але дурных
Усіхастатніх пачкамі. Разам з надыходам трэцяй стадыі Рэч перажывае
духоўную сьмерць, робячыся рэччу.
Аднойчы ў тралейбусе, выпадкова падслухаўшы размову двух падлеткаў,
якія звычайна размаўляюць так, што іх чуваць у процілеглым канцы
салёну, пачуў пытаньне аднаго зь іх: «А ў цябе выпадкова няма
кніжкі „Ашціэмэль для лахоў”?» Я ведаў, што HTML
ужо блізкі да пераходу ў трэцюю стадыю, але менавіта ў той момант
я зразумеў, што ён ужо канчаткова і незваротна там. HTML, які
калісьці быў прыкметай звышадукаванага і расталенавітага чалавека,
банальна апапсеў, зрабіўшыся па сваёй сутнасьці аб'ектам
паўсядзённага выкарыстаньня дасьведчаных адмыслоўцаў і прычынай
гордасьці спрытных дылетантаў, якія, уліўшыся ў пазаўчорашні дзень
it-сабкультуры, б'юць сабе ў грудзі і бесьперапынна крычаць, якімі ж
неўяўляльна крутымі перцамі яны зрабіліся.
Сёньня модна мець сайт. Карпаратыўны, асабісты, дзёньнік, форум ці
краму. Даглядаць яго, пісаць на візытоўках, распавядаць сябрам ды
знаёмым і чатыры разы на дзень правяраць статыстыку па кожным з
шасьці лічыльнікаў. І няважна, што на карпаратыўным сайце —
толькі тры пустыя старонкі, на асабістым — апісаньне колеру
футра і вачэй улюбёнага ката, у дзёньніку запісы нечакана
скончваюцца праз тыдзень пасьля стварэньня, на форуме — два
карыстальнікі, уключаючы адміна, а ў краме — тры найменьні
тавараў і не працуе чэкаўт. Ня важна, што нехта там ня можа знайсьці
тое, па што прыйшоў і чаго шукаў. Ня важна, што сайт у разуменьні
сайту — поўная лажа. Важна тое, што можна казырнуць перад
канкурэнтам/кліентам/знаёмым сваімі правільнымі прынцыпамі
карыстацца апошнімі здабыткамі чалавецтва. Але выёжвацца давядзецца
нядоўга, бо праз тыдзень канкурэнт/кліент/знаёмы зробіць сабе такі
ж самы шэдэўр і будзе нічым ня горшы за самавітую фірму з
карпаратыўным сайтам.
У папсовага мэйнстрыму ніколі не атрымаецца зразумець,
што ўсе нармальныя сайты ствараюцца толькі з-за дзьвюх прычынаў:
прапанаваць інфармацыю або прапанаваць зручны сэрвіс. Лёс іншых
спробаў разьвіць інтэрнэт перадвызначаны. І пакуль здольныя
мэйнстрымаўцы па дарозе дамоў чытаюць тоўстыя кніжкі пра HTML 4.0,
сапраўдныя лідары прыдумляюць, чым жа займаць чалавецтва гадоў так
праз восем, бо на бліжэйныя сем праграма ўжо створаная.
травень 2005
Камэнтары
Глядзець усе камэнтары ў Coredump Усяго камэнтароў: 7
Zołak
10.06.2005 11:13:47 |
Hadoŭ 10 tamu kožny sajt byŭ zdabytkam cyvilizacyi. Siońnia sajt moža zrabić chto chočaš. Jak 10 hadoŭ tamu, hetak i siońnia jakaść takich sajtaŭ pryblizna adnolkavaja. Istotna źmianiłasia kolkaść, ź jakoj, mahčyma, budzie vyłazić jakaść. A moža j nie :) Aha, nu i pajaviłasia sapraŭdnaja interaktyŭnaść.
P.S. Ja nie tutejšy... Što takoje Ашціэмэль? |
zedlik
10.06.2005 13:39:05 |
> Ja nie tutejšy... Što takoje Ашціэмэль?
Nu, e-e-e... Tak u peŭnych kołach vymaŭlajecca HTML. Hladzi pieršy skaz u piatym abzacy. Darečy, što cikava, zbolšaha jon byŭ padstavaj dla napisańnia. |
Zołak
12.06.2005 11:16:43 |
A... :)) Tarmaznuŭ ja niešta z ranicy. Nikoli nia čuŭ takoj formy. Chacia, daviałosia čuć Ejč-ti-ti-pi — i taksama za pieršym razam nie zrazumieŭ |
heta ja. susied tvoj.
23.07.2005 14:10:52 |
A jak nakont prymauki - "Novaje - heta dobra zabytaje staroje. " Napryklad-1 staryja Isciny, jakija zaraz niamodnyja, ale jany usio zh pracujuc, niezaliezhna choczam my hetaha ci nie. ( Francysk Scaryna, Symon Budny, Majsiej i t.d. )
Napryklad-2 - matacykly, czoppiery. I czym jon bolsh stary i aryhinalny - tym lepsh, kali chozhash, tym kruciej! |
zedlik
23.07.2005 21:06:31 |
Шаноўны сусед! Калі ты нарэшце пачнеш уважліва чытаць? Артыкул не пра новае-старое, а пра мэйнстрымавасьць і папсовасьць. Сымон Будны з матацыкламі тут абсалютна ні пры чым. |
Cmok
05.06.2006 01:43:40 |
А я чытаю не HTML 4.0, а "HTML в подлиннике" :-) Трэба ж з чагосьці пачынаць, каб пасля ўдасканальвацца."ўсе нармальныя сайты ствараюцца толькі з-за дзьвюх прычынаў: прапанаваць інфармацыю або прапанаваць зручны сэрвіс" / А як жа эстэтыка. Я напрыклад заўважаю прыгожа зробленыя сайты, а пасля мяне цягне іх наведаць... |
zedlik
06.06.2006 13:52:01 |
Cmok, ня блытай назву кніжкі са стандартам. Ты ўсё правільна чытаеш :)
А што да эстэтыкі... Гэта як машыны, ну не ствараюцца ж яны, каб на іх глядзець, фоткацца зь імі або назіраць, як роўненька яны стаяць на паркоўцы. Гэтаксама і сайты. Эстэтыка, безумоўна, ёсьць, але гэта, збольшага, вельмі другасны фактар. Прыгожыя сайты — гэта мэгаклёва, але дызайн ня варты быць дызайнам дзеля дызайну. |
|
|
|
|
 |
|