драўляны зэдлік   С.Б.Е.Ў.К.: чытай, што пішуць
 


Навіны
 

 14 сакавіка 2015 году
VMS 2.9.2: адпраўка паведамленьняў абанэнтам velcom і life выпраўленая і зноў працуе. Дадалася падтрымка адпраўкі на нумары, перанесеныя да іншых апэратараў.

Перайсьці на старонку праграмы.


 7 траўня 2012 году
VMS 2.9.1: адпраўка паведамленьняў абанэнтам velcom і life выпраўленая і зноў працуе.

Перайсьці на старонку праграмы.


 27 красавіка 2010 году
VMS абнавілася да вэрсіі 2.9. Дададзеная падтрымка адпраўкі паведамленьняў на life, а таксама выпраўленая адпраўка паведамленьняў абанэнтам velcom.

Зарузіць архіў. Адкрыць старонку. Глядзець чэйнджлог.


 2 сакавіка 2009 году
Крыху абноўленая раскладка лацінкі Belarusian (Latin) (Custom) Keyboard Layout — цяпер яна падтрымлівае Windows Vista.


 21 студзеня 2009 году
Нарэшце створаны першы ў сьвеце слоўнік праверкі артаграфіі для беларускай лацінкі ў браўзэры Opera. Слоўнік адаптаваны для праверкі артаграфіі ў сьвежай вэрсіі Opera 10, якая пакуль яшчэ носіць статус альфы, але фінальная мусіць неўзабаве зьявіцца.

Каб не пераключацца паміж рознымі слоўнікамі, для зручнасьці ў слоўнік праверкі артаграфіі ўключаныя адразу 2 графікі: кірыліца і лацінка, такім чынам аб'яднаны слоўнік дазваляе адначасова правяраць як лацінку, так і клясычны правапіс.

Слоўнік быў створаны на падставе слоўніка Алекса Булойчыка і Віталя Хілько, але з улікам таго, што сайты, дзе разьмяшчаўся гэты слоўнік, дзіўным чынам перасталі працаваць, кірылічная частка з выпраўленьнем пэўных хібаў таксама выкладзеная асобна — як і лацінка, для зручнасьці.

Слоўнік праверкі артаграфіі выкарыстоўвае фармат Hunspell, а гэта азначае, што тэарэтычна праверку артаграфіі можна прычапіць у любую праграму, якая падтрымлівае гэты фармат.

Падрабязнасьці і файлы для загрузкі шукай на старонцы слоўніка.


 19 студзеня 2009 году
Абнавіліся раскладкі Belarusian Typo і Belarusian (Latin) Programmers Keyboard Layout — абедзьве да вэрсіі 2.0. Абнаўленьне насьпявала даўно, але ўсё ламала правесьці прыстойнае тэставаньне.

З асноўных зьменаў, якія напаткалі раскладку беларускай лацінкі Belarusian (Latin) Programmers Keyboard Layout — гэта падтрымка Windows Vista (у тым ліку трох архітэктураў працэсараў уключна з 64-бітавымі), зьявілася магчымасьць уводу правільнага апострафа, канцавы сымбаль двукосься заменены на больш слушны, а таксама дададеныя новыя карысныя сымбалі.

З асноўных зьменаў тыпаграфскай раскладкі беларускай мовы Belarusian Typo — гэта канцавы сымбаль двукосься выпраўлены на слушны для кірыліцы, дададзенае шматкоп’е, а таксама зьявілася дастаткова вялікая колькасьць новых карысных сымбаляў.

Больш падрабязную інфу шукай на выявах на старонках раскладак: Belarusian Typo і Belarusian (Latin) Programmers Keyboard Layout.


 8 сьнежня 2008 году
Стала даступная беларуская вэрсія Тыпографа. Тыпограф прызначаны для фарматаваньня тэксту перад публікацыяй у інтэрнэце. Пры гэтым расстаўляюцца правільныя элемэнты тыпаграфікі — слушныя двукосьсі, працяжнікі, непарыўныя прагалы. Асаблівасьцю беларускай вэрсіі Тыпографа зьяўляецца поўная падтрымка ўсіх літараў беларускай мовы як у кірылічнай, так і ў лацінкавай графіцы.

Больш падрабязныя зьвесткі даступныя на староцы апісаньня прылады.


 24 лістапада 2008 году
Для прадухіленьня спаму вэлком увёў абарону лічбавым кодам ад аўтаматычнай адпраўкі СМС-паведамленьняў праз шлюз на вэб-сайце. Адпраўка на вэлком выпраўленая, але зараз для адпраўкі паведамленьня давядзецца кожны раз уводзіць лікавы код — пра аўтаматычнае распазнаваньне пакуль ня можа ісьці і гаворкі. Але тым ня менш, паведамленьні зараз зноў адпраўляюцца пасьпяхова.

Загрузіць архіў. Адкрыць старонку. Глядзець чэйнджлог.


 20 кастрычніка 2008 году
Зьявіўся пераклад для Opera 9.60. Выпраўленыя артаграфічныя памылкі і практычна ўсе фразы перабудаваныя так, каб яны зьмяшчаліся без абразаньняў у адпаведных палёх інтэрфэйсу.

Лякалізацыя браўзэра даступная кірыліцай і лацінкай.


 6 ліпеня 2008 году
Выйшаў пераклад для Opera 9.50–9.51. У самім перакладзе зроблена шмат невялікіх зменаў, а асноўнай фішкай у новай Опэры стала магчымасьць сынхранізацыі сваіх закладак і элемэнтаў хуткага набору праз суполку Opera, пасьля чаго яны робяцца даступнымі ў любым месцы ў любы час.

Пераклад кірыліцай. Пераклад для эстэтаў.


 19 траўня 2008 году
Пасьля рэбрэндынгу Вэлкома таксама зьмяніўся сэрвэр адпраўкі SMS, і паведамленьні перасталі адпраўляцца. Таму выйшла выпраўленая VMS 2.8.2, дзе адпраўка на Вэлком зноў працуе як трэба. На закусь — распазнаваньне статусу дастаўкі паведамленьня ў тэлефон абанэнта для МТС ну і сёе-тое дробнае.

Грузіць архіў. Адкрыць старонку. Глядзець чэйнджлог.


 7 траўня 2008 году
Пілётны праект «Кірыłaca» зьмяніў фармат і ўжо даступны па новым адрасе www.kirylaca.com! Першая старонка палягчэла ў тры разы, а таму карыстацца прыладай стала яшчэ зручней!

«Кірыłaca» — першая беларуская онлайн-раскладка, з дапамогай якой магчыма пісаць адэкватнай беларускай лацінкай ці кірыліцай паўсюль, дзе ёсьць інтэрнэт і ангельская раскладка клявіятуры.


 19 сакавіка 2008 году
Аднойчы было вырашана завязаць з дыскрымінацыяй на глебе адзіналацінкавараскладкавых магчымасьцяў, а таму на падставе звычайнай кірылічнай раскладкі беларускай мовы была створаная больш прасунутая мадыфікацыя, якая дазваляе ўводзіць з клявіятуры цывільным шляхам сапраўдныя працяжнікі і адэкватную тыпаграфіку. Ну і сапраўдны беларускі апостраф заадно.

Зараз у магчымых раскладках на сайце ўжо стала практычна не разабрацца, але калі ты карыстаешся стандартнай раскладкай беларускай мовы, то раскладка Belarusian Typo для цябе!

Поўны сьпіс дадатковых магчымасьцяў шукай на старонцы раскладкі. Ну і ўзяць яе прама зараз можна тут.


 5 сьнежня 2007 году
VMS абнавілася да вэрсіі 2.8.1. Выпраўленая адпраўка на Diallog, але аўтаматычнае распазнаваньне малюнку зараз недаступнае. Зьявілася падтрымка сыстэмнага трэю з магчымасьцю поўнага згортваньня ўсіх вокнаў праграмы з працоўнага стала. А таксама выпраўленая памылка з запускам некалькіх копіяў праграмы.

Загрузіць архіў. Старонка праграмы. Чэйнджлог.


 2 кастрычніка 2007 году
Зьявілася новая вэрсія VMS 2.8, у якой былі рэалізаваныя новыя істотныя фішкі: гісторыя адпраўленых паведамленьняў, статыстыка, дзе можна паглядзець колькі, калі і куды было адпраўлена паведамленьняў, а таксама падтрымка адпраўкі з каманднага радку, апісаньне якой можна знайсьці ў файле падказак разам з праграмай, і самае галоўнае — падтрымка новых кодавых зонаў апэратараў: +375 44 і +375 33. Абнаўленьне highly recommended!

Загрузіць архіў. Старонка праграмы. Поўны чэйнджлог.


 15 жніўня 2007 году
Мы зноў у эфіры!

За апошні час асаблівых зьменаў не адбылося, апроч таго, што перастала працаваць адпраўка на Velcom, таму варта абнавіцца да выпраўленай вэрсіі. Пакуль падтрымліваецца адпраўка на нумары зоны 29, адпраўка на нумары новай зоны 44 рыхтуецца.


 26 красавіка 2007 году
Новая вэрсія VMS 2.7.2 ужо даступная для загрузкі.

У выніку зьменаў парамэтраў адпраўкі, sms-паведамленьні на Velcom перасталі адпраўляцца і выводзілася толькі папярэджаньне пра памылку. Зараз адпраўка зноў працуе.

Старонка праграмы.


 18 красавіка 2007 году
Сьвежыя пераклады для Опэры 9.20 ужо ёсьць! Асноўная фішка чарговай вэрсіі — зьяўленьне «хуткага набору» — калі можна літаральна за два клікі або націскам дзьвюх кнопак загрузіць адну зь дзевяці ўлюбёных старонак.

Пераклад для людзей. Пераклад для эстэтаў.


 13 студзеня 2007 году
Урэшце запушчаны новы пілётны праект «Кірыłaca».

«Кірыłaca» зьяўляецца першай беларускай онлайн-раскладкай. Зь ейнай дапамогай зараз магчыма пісаць адэкватнай беларускай лацінкай ці кірыліцай паўсюль, дзе ёсьць інтэрнэт і ангельская клявіятура.

Фактычна, «Кірыłaca» — гэта партаваны пад вэб крыху ўрэзаны (што выклікана асаблівасьцямі браўзэраў) і дапрацаваны варыянт лацінкавай раскладкі Belarusian (Latin) Programmers. Але ў адрозьненьне ад раскладкі, «Кірыłaca» зьяўляецца кросбраўзэрнай і кросплятформавай тэмай.

Кірылічную графіку можна атрымліваць па правілах трансьлітэрацыі зь беларускай лацінкі, проста зьмяніўшы адпаведны пункт у наладах скрыпта.

Што рабіць і якія кнопкі націскаць, падрабязна апісана на старонцы праекту. Таму — вэлкам!


 5 студзеня 2007 году
VMS абнавілася да 2.7.1. Была выпраўленая памылка з няўцямным распаўзаньнем надпісаў у галоўным акне пры выкарыстаньні стандартнай тэмы Windows XP, а таксама памылка са скіданьнем стану бягучай кадыроўкі паведамленьня для Velcom у пэўных выпадках. Абноўленая вэрсія — там, дзе звычайна.


 1 студзеня 2007 году
Выйшла VMS 2.7. У новай вэрсіі нарэшце зьявілася падтрымка аўтаматычнага дэкадаваньня лічбаў на малюнках МТС і Diallog. Часам адбываюцца хібы, але альгарытмы штучнага інтэлекту — гэта ўжо не хухры-мухры!

У астатнім, зафікшаныя багі з адпраўкай на МТС праз проксі і бяз проксі, подпісам і пэўныя іншыя. Узяць сьвежую вэрсію можна на старонцы праграмы.


 24 сьнежня 2006 году
Скончаны пераклад Opera 9.10. У новай вэрсіі браўзэра, апроч розных іншых магчымасьцяў, была дададзеная абарона ад фішынгу.

Прасунутыя могуць загрузіць пераклад, зроблены кірыліцай, а эстэты — лацінкай.


 16 сьнежня 2006 году
Адразу два новыя артыкулы зьявіліся ў разьдзеле нефільтраваных думак: «Тусьняк у Клеафаса» Стэфана Шахтэля і «Ісьціна» Язэпа Цубербюлера. Карацей, сайт паціху ператвараецца ў мультыаўтарскі літпартал.


 29 ліпеня 2006 году
У сувязі са зьменамі ў працы вэб-гейту МТС, выйшла VMS 2.6. Адпараўка паведамленьняў на МТС зноў працуе! Толькі давядзецца ўводзіць код.

Таксама адбыліся маленькія зьмены пры адпраўцы паведамленьняў абанэнтам Velcom: зараз можна адпраўляць СМС на нумары, якія пачынаюцца з «9», і ўведзеная новая опцыя кадыроўкі паведамленьня — «аўтаматычна», якая прымае значэньне «кірыліца» для паведамленьняў даўжынёй ня больш 60 сымбаляў і «лаціна» ў адваротным выпадку.

Апроч таго ў сувязі з тым, што пасьля абнаўленьня ў пэўных выпадках пазьляталі базы тэлефоннай кнігі, яны зараз не ідуць у архіве з праграмай, а ствараюцца новыя пустыя файлы, калі праграма ня можа іх знайсьці. Такім чынам выдаліць тэлефонную кніжку падчас усталяваньня новай вэрсіі стала складаней.


 12 ліпеня 2006 году
Выйшла VMS 2.5. Крышачку даведзены інтэрфейс, крышачку выпраўленых памылак, крышачку маленькіх зьменаў. І адпраўка на МТС зноў крышачку працуе.

Крышачку — таму што старонка адпраўкі смс на сайце МТС знаходзіцца ў летаргічным стане, адразу пачынае капрызьнічаць пры практычна любой памылцы і паказвае стан адпраўкі толькі для пасьпяхова адпраўленых паведамленьняў. Да таго ж рэальна дадалося абмежаваньне адпраўкі паведамленьня з аднаго ip-адраса, таму усім, хто ходзіць у інтэрнэт праз агульны шлюз (уключаючы большасьць дамашніх сетак), варта пачынаць затарвацца сьпісамі проксі.

Але зрэшты працуе.


 8 ліпеня 2006 году
Як аказалася з самага пачатку, моўныя файлы для браўзэра Opera вэрсіяў 8 і 9 аніяк не сумяшчальныя паміж сабой, бо ў вэрсіі 9 цалкам зьмянілася індэксаваньне радкоў. Але нягледзячы на гэта беларускі пераклад браўзэра ўжо гатовы. Інструкцыя ўнутры. Як звычайна, у двух варыянтах: кірыліцай і лацінкай.


 13 сакавіка 2006 году
Сябра!

Са ўсёй шчырасьцю радыя табе паведаміць, што распрацоўка кардынальна новай мэтодыкі навучаньня не загнулася на палове шляху, ня ссохла і ня згніла, а дзякуючы невычарпальнай моцы татальнай крэатыўнасьці разьвілася і ўмацавалася. Легенды вяртаюцца: нарэшце зарэліжаны працяг рэвалюцыйнай мэтодыкі асваеньня ведаў — С.Б.Е.Ў.К.2.

У абагульняючай працы выкарыстаныя апошнія распрацоўкі ў галінах лінгвістыкі і марфалёгіі. Гэта эксклюзіўныя матэрыялы, якія вельмі хутка зробяцца набыткам шырокай грамадзкасьці.

Працоўная група паабяцала не спыняцца на дасягнутым і трымаць цябе ў курсе падзеяў у галіне найноўшых мэтодык дасьледваньня навучальных працэсаў.


 4 лютага 2006 году
Прыкручаная сыстэма татальнага камэнтаваньня. Зараз можна выказвацца практычна дзе заўгодна і ўставіць сваё ўнізе большасьці старонак. Арганізавана ўсе камэнтары зьбіраюцца ў разьдзеле Coredump, дзе і жывуць.

Камэнтатары, вэлкам!


 27 студзеня 2006 году
Крыху пераробленая раскладка клявіятуры беларускай лацінкі Belarusian (Latin) Programmers. Новая вэрсія дазваляе пісаць лацінкай практычна дзе заўгодна, і нават пераможаны мовазалежны ўвод ня можа нічога зрабіць з патрэбнымі сымбалямі. Канешне, застаецца засада зь літарай «ŭ» і з праграмамі, якія высмоктваюць сымбалі наўпростава з клявіятуры, але гэта ўжо ня так істотна.


 3 сьнежня 2005 году
Опэра абнавілася да 8.51, але новая вэрсія цалкам сумяшчальная з моўнымі файламі для 8.50.


 20 лістапада 2005 году
Новая вэрсія VMS — 2.0.3 — ужо даступная для загрузкі. Дададзеная магчымасьць адпраўляць паведамленьні на нумары VELCOM, якія пачынаюцца з «1». Больш ніякіх зьменаў пакуль што няма. Як звычайна, узяць яе можна на старонцы праграмы.


 2 лістапада 2005 году
Новы мануал «Як лёгка і проста пісаць лацінкай». Татальны агляд і апісаньне большасьці магчымых спосабаў здабываньня лацінкі ў Windows 2000/XP. Зь ім ты не загнешся ў складаны час.

Дарэчы, наведвальнікі зарэбрэнджагана мэгапарталу Łacinka.org маюць магчымасьць чытаць яго ўжо два тыдні. Чаму цябе ўсё яшчэ няма сярод іх?


 29 верасьня 2005 году
«Любы пераклад можна скараціць прынамсі ўдвая», — сказаў перакладчык і рашуча адрэзаў задужа фарматную палову, дзякуючы чаму прынцып «магчыма — спрашчай» набыў практычны сэнс.

Таму, бруда, у мяне для цябе дзьве навіны. Навіна адін. На пераклад Опэры са зваротам на фармальнае «вы» было канчаткова засунута, бо ажно чатыры варыянты нікому і проста так ня ўпалі. Таму пачынаючы з новай вэрсіі восем з паловай іх засталося роўна ўдвая меней: кірыліцай і лацінкай, што ня толькі панізіць нагрузку на мозаг карыстальнікаў, але і амаль канчаткова вырашыць праблему выбару. Бачыш, пра цябе клапоцяцца.

І навіна два. Скажу табе па вялікім сакрэце, што Опэра вось ужо крыху больш за тыдзень абсалютна бясплатная. Што гэта значыць для кожнага і пэрсанальна для цябе, гэты кожны вырашае сам. Але несумненна шмат. Месца, дзе яе ўзяць, ты і безь мяне ведаеш. Так што ня сьпі!


 7 жніўня 2005 году
Моды і хакі ўжо даўно выйшлі з моды. Зараз ужо неяк непантова забіваць сабе галаву рознай лухтой пра длл-бібліятэкі, завяршэньне сэансу, сыстэму абароны файлаў і патчынг ядра апэрацыйнай сыстэмы ў рэжыме рэальнага часу проста каб пісаць лацінкай. Ужо зараз гэта ўсё робіцца непатрэбным, таму што створаная першая публічная раскладка беларускай лацінкі, для ўсталяваньня і выкарыстаньня якой у Win2k/XP ня трэба выварочваць мазгі і ламаць галаву. Усталяваньне адбываецца трыма клікамі мышы. Проста як два байты.

Апроч усяго гэтага, ты нават маеш магчымасьць выбраць найбольш зручную схему разьмяшчэньня клявішаў з двух даступных раскладак: Belarusian (Latin) Programmers і Belarusian (Latin) (Custom). Давай хутчэй! Інструкцыя інсайд.


 28 ліпеня 2005 году
Анансаваная VMS вэрсіі 2.0.2. Былі выпраўленыя хібы папярэдняй вэрсіі (у тым ліку праблема з адпраўкай паведамленьняў абанэнтам Velcom), а таксама дададзеная магчымасьць адпраўляць SMS-паведамленьні абанэнтам МТС, чые нумары пачынаюцца з «2».

Старонка праграмы. Чэйнджлог.

А, яшчэ адна навіна: VMS больш не опэнсорс.


 22 ліпеня 2005 году
Перакладзеная Opera 8.01. Гэтым разам крыху пазнавата, ды нічога. Кірыліцай. Лацінкай.


 10 чэрвеня 2005 году
Чарговы артыкул з цыклю нефільтраваных думак — «Ашціэмэль». Пра ўзаемадзеяньне сабкультураў і разуменьне адной зь іх прынцыпаў і законаў іншай.


 21 траўня 2005 году
Месяц таму з нагоды стварэньня яшчэ дзьвюх галінаў перакладу Опэры было запушчанае апытаньне «Як ты ацэньваеш бягучы пераклалад Опэры?». Вынікі наступныя:

усё крута! — 4;
выкінуць лацінку — 0;
выкінуць кірыліцу — 2;
выкінуць варыянт з «вы» — 0;
выкінуць варыянт з «ты» — 0;
выкінуць усё — 0;
мне пофіг — 4;
канчаткова ня вызначыўся — 1;
устрымаліся — 372.

Таму мушу зазначыць, што пакуль усё застанецца як ёсьць.


 21 красавіка 2005 году
Пераклад браўзэра Opera 8 скончаны і зараз ты можаш аздобіць інтэрфэйс браўзэра па сваім гусьце. Як і было абяцана, зьменаў у перакладзе шмат. Галоўная — пераход да другой асобы адзіночнага ліку. Сапраўды вартая рэч. Але разам з тым былая галіна — са зваротамі да другой асобы множнага ліку — таксама пакуль пакінутая. Можаш параўнаць і выбраць лепшы для сябе варыянт. І абодва варыянты перакладу даступныя, як звычайна, кірыліцай і лацінкай. Гайда!


 3 красавіка 2005 году
Першы выйшаў!
Сёньня бяз прэс-рэлізаў.


 11 сакавіка 2005 году
Нарэшце адбыўся доўгачаканы рэліз VMS 2.0. Зьменаў шмат, азнаёміцца зь якімі можна ў чэйнджлогу. Усё, давай хутчэй, бо працягу ўжо, відаць, ня будзе.


 18 студзеня 2005 году
Памылка ў VMS 1.2, якая ў некаторых выпадках не дазваляла адправіць SMS, выпраўленая. Новая вэрсія — на старонцы праграмы.


 15 студзеня 2005 году
У праграме VMS 1.2 знойдзеная памылка, якая ў некаторых выпадках не дазваляе адправіць паведамленьне. Памылка ўзьнікае пры адпраўцы SMS без выкарыстаньня проксі ў той час, калі тып проксі-сэрвэра вызначаны як SOCKS5: праграма паведамляе пра памылку сокета 10061. Для ажыцьцяўленьня адпраўкі паведамленьня без выкарыстаньня проксі неабходна вызначаць тып проксі толькі як HTTP. Багфікс рыхтуецца.


 26 сьнежня 2004 году
Роўна два гады таму зьявіліся бэты сёмай Опэры. Сёньня, калі ўсё чакалі фінальнага рэлізу 7.60 на Каляды, Opera Software выклала на паблік першую бэту восьмай вэрсіі. Можна спрачацца, ці сапраўды варта было мяняць major-нумар вэрсіі, але па словах прадстаўнікоў кампаніі зьменаў зроблена шмат.

Так атрымалася, што гісторыя лякалізацыі браўзэра, даступнай з гэтага сайту, пачалася менавіта зь перакладу бэтаў сёмай вэрсіі. Паступова пераклад удасканальваўся, у ім выпраўляліся артаграфічныя і сэмантычныя памылкі. Зараз, калі разьвіцьцё сёмай вэрсіі, можна сказаць, скончылася, лякалізацыю таксама чакаюць зьмены. Зьмены, якія незвычайна цяжка ажыцьцявіць у нават больш-менш афіцыйнах прадуктах. Тым ня менш, яны адбудуцца, забіўшы чарговы цьвік у сусьветны фармалізм і скараціўшы прынамсі ўдвая адлегласьць паміж машынным кодам браўзэра і мозгам карыстальніка. Такім чынам, у перакладах браўзэра, пачынаючы з восьмай вэрсіі ўсе паведамленьні будуць зьвернутыя да другой асобы адзіночнага ліку. Убачыш, будзе лепей. Чакайма фінальнага рэлізу.


 22 лістапада 2004 году
Адмыслова для праекту lacinka.com напісаны новы артыкул: адноснае параўнаньне лацінізатараў. Пратэставаныя 7 праграмаў, 2 макрасы і 3 онлайн-лацінізатары з мэтай выявіць найбольш якасны прадукт.


 14 лістапада 2004 году
Усе праграмы на сьвеце пішуцца для спрашчэньня жыцьця лянотнага чалавека. Вось і чарговая праграмка VMS была створаная для бязбраўзэрнай адпраўкі SMS-паведамленьняў абанэтнам беларускіх мабільных апэратараў.

Таксама быў праведзены невялікі SMS-спам-тэст на трываласьць вэб-гейтаў GSM-апэратараў. Вынікі ўражваюць.


 6 лістапада 2004 году
Часта даводзіцца бачыць, як юзэр заходзіць на старонку ў пошуках сьвежачка, якога так доўга чакаў, а таму ўжо аброс спадзяваньнямі і меркаваньнямі наконт магчымага працягу, і абломваецца.
Расслабся, дружа! Адмыслова для цябе навіны былі закатаныя ў стужкі. Таму зараз можаш проста наладзіць свой кліент для стужак навінаў і ня парыцца. Падыдзе нават Опэра, апошнія вэрсіі якой здольныя правяраць стужкі, і якая абавязкова паведаміць табе пра ўсе абнаўленьні.
Навіны зараз даступныя ў фарматах RSS 2.0 і Atom 0.3.


 18 кастрычніка 2004 году
Учора байнэт перажыў чарговую маленькую вайну. Са сваімі змагарамі, дывэрсантамі і партызанамі. Адныя бязглузда чыталі форумы, іншыя шукалі ананімайзэры. Некаторыя ратавалі ўласны сэрвэр ад разьмеркаванай DoS-атакі. Урэшце, сэрвэры вытрымалі. Сьвет пасталеў яшчэ на адзін дзень.

Новы артыкул.


 3 кастрычніка 2004 году
Дваццаць пяць, дваццаць пяць — баба-ягадка... То бок паўгады, паўгады — хутка прыйдзе новы дзень.

Розныя вялікія і сур'ёзныя сайты, якія лічаць сябе патрэбнымі ўсім і кожнаму, і вераць, што патрэба ў іх ніколі ня зьнікне, любяць адзначаць розныя круглыя даты і прысьвячаць ім нейкія культурныя падзеі. Напрыклад, зладзіць вечарыну на дасе хмарачосу, якую будзе наскрозь пранізваць чатырохсоткіляватны гук жывога аркестру. Паўсюдна смачная ежа на доўгіх белых абрусах і смокінгі зь вячэрнімі сукенкамі на шаноўных гасьцях. Эх, фармалізм-фармалізм...


 16 верасьня 2004 году
Распрацаваны рэвалюцыйны адукацыйны падыход да вывучэньня мовы! Азнаёміцца зь ім можна па адрасе www.zedlik.com/sbieuk. Таксама даступны прэс-рэліз з падрабязным апісаньнем.


 15 верасьня 2004 году
Суб'ектыўныя нататкі пра апрабацыю чарговага кумулятыўнага абнаўленьня: Другі сэрвіс-пак для XP. Немагчымае магчыма?


 13 верасьня 2004 году
Канкрэтна пракачаны разьдзел артыкулаў. Ён нарэшце выйшаў з свайго зародкавага стану і нават займеў невялічкія падразьдзелы, куды будуць час ад часу трапляць розныя тэксты.

Таксама Kir2Lac абнавілася да вэрсіі 2.0.2, але зьмены вельмі нязначныя, таму калі ў цябе ўжо ёсьць 2.0.1, на загрузку гэтай можаш забіць.
Хаця з самой праграмай таксама цікавая гісторыя: бязглуздая назва і нізкая хуткасьць. Вось ужо другі год нешта падказвае, што пара перапісваць ядро...


 26 жніўня 2004 году
Лякалізаваная і даступная для загрузкі Опэра вэрсіяў 7.53 (лацінкай) і 7.54 (лацінкай).


 15 ліпеня 2004 году
Зьявіліся адразу 2 новыя пераклады: Opera 7.52 (Opera 7.52 лацінкай) і A4Proxy 2.8. Першую праграму ўсе і гэтак ведаюць, а другая спрашчае ананімнае сёрфаньне па Сеціве.


 18 чэрвеня 2004 году
Хочаш сабе навернуты форум? Тады табе да групы phpBB. А лякалізацыю форуму phpBB 2 можаш забраць тут і зараз.


 5 чэрвеня 2004 году
Пераклад Опэры 7.51 ужо можна ўзяць на старонцы перакладаў. Таксама даступны пераклад беларускай лацінкай.


 28 траўня 2004 году
Эксклюзіў! Такога яшчэ не было.
Ужо зараз ты можаш аздобіць інтэрфэйс сваёй Опэры 7.50 беларускай лацінкай. Лякалізуецца ўсё: ад мэню і да irc-кліента.

Дарэчы, вельмі цікава, чаму такую фішку ніхто не прыдумаў раней...


 17 траўня 2004 году
Затранслэйчаная сёмая з паловай Опэра. Гойсаць па нэце стала бясьпечней і прыемней.


 1 траўня 2004 году
У чарговую і, відаць, апошнюю вэрсію праграмы Keyboard Layout Tool былі ўнесеныя ў асноўным касмэтычныя зьмены, дзякуючы якім інфармацыя, якую паказвае праграма стала больш зьмястоўнай. Таксама былі выпраўленыя дробныя памылкі.


 8 красавіка 2004 году
Зьявілася онлайнавая вэрсія праграмы Kir2Lac. Канвэртаваць тэкст зараз можна не адыходзячы ад касы.


 3 красавіка 2004 году
Хола, бруда! Мы адкрыліся.

Больш падрабязную інфармацыю шукай у адмысловым прэс-рэлізе.


 
 
 

навіны сайту
14.03.2015
VMS 2.9.2: адпраўка на velcom і life, падтрымка перанесеных нумароў
07.05.2012
VMS 2.9.1: выпраўленая адпраўка на velcom і life
27.04.2010
VMS 2.9: дададзены life і выпраўлены velcom
02.03.2009
Падтрымка Windows Vista для Belarusian (Latin) (Custom) Keyboard Layout
усе навіны
 
стужкі навінаў
RSS
Atom
 
не па тэме
zedlik. Пэрсанальны блог